На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. Яно было на пачатку ў Бога: усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго. Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян; Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго; ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло. Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет. У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў; прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі; а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі, якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся. І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца. Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне. І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты; бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста. Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў. І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты? Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос. І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не. Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе? Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая. А пасланцы былі з фарысэяў; і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок? Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце; Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным. Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян. На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету; Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне; я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю. І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім; я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць — Хто хрысьціць Духам Сьвятым; і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы. На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных; і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае. Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, — што азначае: настаўнік, — дзе жывеш? Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны. Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос. І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азаначае: камень !Пётр). На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною. А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром. Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта. Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі. Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці. Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе. Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты — Сын Божы. Ты — Цар Ізраілеў. Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта. І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.
На трэйці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там. Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле. І як нехапала віна, дык Маці Ісусава кажа Яму: віна няма ў іх. Ісус кажа Ёй: што Мне і Табе, жанчына? яшчэ ня прыйшла гадзіна Мая. Маці Ягоная сказала слугам: што скажа Ён вам, тое і зрабеце. А было там шэсьць каменных посудаў на ваду, якія стаялі паводле звычаю ачышчэньня Юдэйскага, умяшчаючы ў сябе па дзьве ці па тры меры. Ісус кажа ім: напоўніце посуды вадою. І напоўнілі іх па бераг. І кажа ім: цяпер чэрпайце і нясеце да распарадчыка вясельля. І панесьлі. А калі распарадчык скаштаваў вады, якая зрабілася віном, — а ён ня ведаў, адкуль гэтае віно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — тады распарадчык кліча маладога і кажа яму: кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі паўпіваюцца, тады горшае; а ты добрае віно зьбярог дагэтуль. Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя. Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам і Маці Ягоная, і браты Ягоныя і вучні Ягоныя, і прабылі там няшмат дзён. Набліжалася Пасха Юдэйская, і Ісус прыйшоў у Ерусалім і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, авечак і галубоў, і сядзелі мяняйлы грошай. І зрабіўшы бізун зь вяровак, выгнаў з храма ўсіх, і авечак і валоў таксама, і грошы ў мяняйлаў рассыпаў, а сталы іхнія абярнуў; І сказаў прадаўцам галубоў: вазьмеце гэта адсюль, і з дома Айца Майго не рабеце дома гандлёвага. Пры гэтым вучні Ягоныя прыгадалі, што напісана: «рупнасьць за дом Твой зьядае Мяне». На гэта Юдэі сказалі Яму ў адказ: якою азнакаю дакажаш Ты нам, што маеш уладу так рабіць? Ісус сказаў ім у адказ: разбурце храм гэты, і Я за тры дні ўзьвяду яго. На гэта сказалі Юдэі: гэты храм будаваўся сорак шэсьць гадоў, і Ты за тры дні ўзьвядзеш яго? А Ён казаў пра храм Цела Свайго. А калі ўваскрэс Ён зь мёртвых, дык вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус. І калі Ён быў у Ерусаліме на сьвяце Пасхі, дык многія, бачачы цуды, якія Ён тварыў, паверылі ў імя Ягонае. Але Сам Ісус не давяраў Сябе ім, бо ведаў усіх, і ня меў патрэбы, каб хто засьведчыў пра чалавека; бо Сам ведаў, што ў чалавеку.
Сярод фарысэяў быў нехта, імем Мікадым, адзін з начальнікаў Юдэйскіх; ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равьві! мы ведаем, што Ты — Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога; бо такіх цудаў, якія Ты творыш, ніхто ня можа тварыць, калі ня будзе зь ім Бога. Ісус сказаў яму ў адказ: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца згары, ня можа ўбачыць Царства Божага. Мікадым кажа Яму: як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? няўжо ён можа другі раз увайсьці ў лона маці сваёй і нарадзіцца? Ісус адказваў: праўду, праўду кажу табе: калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае: народжанае ад плоці ёсьць плоць, а народжанае ад Духа ёсьць дух. Ня зьдзіўляйся таму, што Я сказаў табе: трэба вам нарадзіцца згары. Дух дыхае, дзе хоча, і голас ягоны чуеш, а ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць: так бывае з кожным, народжаным ад Духа. Мікадым сказаў Яму ў адказ: як гэта можа быць? Ісус адказваў і сказаў яму: ты — настаўнік Ізраілеў, і няўжо гэтага ня ведаеш? Праўду, праўду кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, а вы сьведчаньня нашага ня прыймаеце; Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы ня верыце, — як паверыце, калі буду казаць вам пра нябеснае? Ніхто ня ўзыходзіў на неба, адзін толькі Сын Чалавечы, Які сыйшоў зь нябёсаў, сутны на нябёсах; і як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так ма±е быць падняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае. Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, а каб сьвет уратаваны быў празь Яго. Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, ужо засуджаны, бо ня ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што сьвятло прыйшло ў сьвет; але людзі больш палюбілі цемру, чым сьвятло, бо ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць сьвятло і ня ідзе да сьвятла, каб не адкрыліся ўчынкі ягоныя, бо яны ліхія; а хто робіць па праўдзе, ідзе да сьвятла, каб яўныя былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу зроблены. Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэйскую і там жыў зь імі і хрысьціў. А Ян таксама хрысьціў у Яноне паблізу Саліма, бо там было многа вады; і прыходзілі туды і хрысьціліся; бо Ян яшчэ ня быў увязьнены ў цямніцу. Тады ў Янавых вучняў адбылася спрэчка зь Юдэямі пра ачышчэньне. І прыйшлі да Яна і сказалі яму: Равьві! Той, Які быў з табою пры Ярдане, і пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць і ўсе ідуць да Яго. Ян сказаў у адказ: ня можа чалавек нічога прымаць на сябе, калі ня будзе дадзена яму зь неба. Вы самі мне сьведкі ў тым, што я сказаў: ня я Хрыстос, але я пасланы перад Ім. Хто мае нявесту, той жаніх; а жаніхоў сябра, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца, чуючы голас жаніха: вось гэтая радасьць мая спраўдзілася. Ён мае расьці, а я — малець. Хто прыходзіць з вышыні, той і ёсць вышэйшы за ўсіх; а сутны ад зямлі зямны і ёсьць і гаворыць як сутны ад зямлі; Хто прыходзіць зь нябёсаў, ёсьць вышэйшы за ўсіх, І што Ён бачыў і чуў, пра тое і сьведчыць; і ніхто ня прымае сьведчаньня Ягонага. Хто прыняў Ягонае сьведчаньне, гэтым і пацьвердзіў, што Бог праўдзівы. Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя; бо ня мераю дае Бог Духа. Айцец любіць Сына і ўсё даў у руку Ягоную. Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ня верыць у Сына, ня ўбачыць жыцьця, а гнеў Божы застаецца на ім.
Калі даведаўся Ісус пра чутку, якая дайшла да фарысэяў, што Ён больш набывае вучняў і хрысьціць, чым Ян — хоць Сам Ісус ня хрысьціў, а вучні Ягоныя, — дык пакінуў Юдэю і пайшоў зноў у Галілею. А меўся Ён праходзіць праз Самарыю. І вось прыходзіць Ён да горада Самарыйскага, называнага Сіхар, паблізу дзялянкі зямлі, дадзенай Якавам сыну свайму Язэпу, там быў калодзеж Якаваў. Ісус, стаміўшыся з дарогі, сеў каля калодзежа; было каля шостай гадзіны. Прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Ісус кажа ёй: дай Мне напіцца. Бо вучні Ягоныя адлучыліся ў горад купіць ежы. Жанчына Самаранская кажа Яму: як Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, Самаранкі? бо Юдэі з Самаранамі ня зносяцца. Ісус сказаў ёй у адказ: калі б ты ведала дар Божы, і Хто кажа табе: дай Мне напіцца, — дык ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе вады жывое. Жанчына кажа Яму: Спадару! Табе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі: адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо Ты большы за бацьку нашага, Якава, які даў нам гэты калодзеж, і сам зь яго піў, і дзеці ягоныя, і быдла ягонае? Ісус сказаў ёй у адказ: кожны, хто п'е ваду гэтую, спрагнецца зноў; а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той не спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, якая пацячэ ў жыцьцё вечнае. Жанчына кажа Яму: Спадару! дай мне гэтай вады, каб ня мець мне смагі і ня прыходзіць сюды чэрпаць. Ісус кажа ёй: ідзі, клікні мужа твайго і прыйдзі сюды. Жанчына сказала ў адказ: няма ў мяне мужа. Ісус кажа ёй: праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа; бо ў цябе было пяць мужоў, і той, якога сёньня маеш, ня муж табе; гэта слушна ты сказала. Жанчына кажа Яму: Госпадзе! бачу, што Ты прарок; бацькі нашыя пакланяліся на гэтай гары; а вы кажаце, што месца, дзе трэба пакланяцца, у Ерусаліме. Ісус кажа ёй: павер Мне, што настане час, калі і не на гары гэтай, і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу. Вы ня ведаеце, чаму кланяецеся; а мы ведаем, чаму кланяемся, бо збаўленьне ад Юдэяў; але настане час, і настаў ужо, калі сапраўдныя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо такіх паклоньнікаў Айцец шукае Сабе: Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і праўдзе. Жанчына кажа Яму: ведаю, што прыйдзе Месія, гэта значыць, Хрыстос; калі Ён прыйдзе, дык абвесьціць нам усё. Ісус кажа ёй: гэта Я, Які гавару з табою. У гэты час прыйшлі вучні Ягоныя і зьдзівіліся, што Ён гутарыў з жанчынаю; аднак жа ніводзін не сказаў: чаго Ты патрабуеш? альбо: пра што Ты гутарыш зь ёю? Тады жанчына пакінула посуд свой і пайшла ў горад, і кажа людзям: ідзеце, паглядзеце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я зрабіла: ці ня Ён Хрыстос? Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго. Тым часам вучні прасілі яго, кажучы: Равьві! еж. Але Ён сказаў ім: у Мяне ёсьць ежа, якое вы ня ведаеце. Потым вучні гаварылі паміж сабою: хіба хто прынёс Яму есьці? Ісус кажа ім: Мая ежа ёсьць тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і зьдзейсьніць справу Ягоную. Ці ня кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і настане жніво? А Я кажу вам: узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на нівы, як яны папалавелі і высьпелі да жніва; хто жне, дастае ўзнагароду і зьбірае плод у жыцьцё вечнае, так што і сейбіт і жнец разам радавацца будуць; бо ў гэтым выпадку слушнае выслоўе: адзін сее, а другі жне. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іхнюю. І многія Самаране з горада таго ўверавалі ў Яго па слове жанчыны, якая сьведчыла, што Ён сказаў ёй усё, што яна зрабіла. І таму, калі прыйшлі да Яго Самаране, дык прасілі Яго пабыць у іх; і Ён прабыў там два дні. І яшчэ больш людзей уверавалі па Ягоным слове; а жанчыне той казалі: ужо не па тваіх казанях веруем, бо самі чулі і ўведалі, што сапраўды Збаўца сьвету, Хрыстос. Як мінула два дні, Ён выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею; бо Сам Ісус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. Калі прыйшоў Ён у Галілею, дык Галілеяне не прынялі Яго, бачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерусаліме ў сьвята, — бо і яны хадзілі на сьвята. Дык вось, Ісус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. У Капернауме быў адзін царадворац, у якога сын быў хворы. Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў зь Юдэі ў Галілею, прыйшоў да Яго і прасіў Яго прыйсьці і ацаліць сына ягонага, які быў пры сьмерці. Ісус сказаў яму: вы ня ўверуеце, калі ня ўбачыце азнакаў і цудаў. Царадворац кажа Яму: Госпадзе! прыйдзі, пакуль не памёр сын мой. Ісус кажа яму: ідзі, сын твой здаровы. Той паверыў слову, якое сказаў яму Ісус, і пайшоў. На дарозе сустрэлі яго слугі ягоныя і сказалі: сын твой здаровы. Ён спытаўся ў іх: а каторай гадзіне яму палепшала? Яму сказалі: учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго. З гэтага бацька даведаўся, што гэта была тая самая гадзіна, калі Ісус сказаў яму: сын твой здаровы. І ўвераваў сам і ўвесь дом ягоны. Гэты другі цуд учыніў Ісус, вярнуўшыся зь Юдэі ў Галілею.
Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і прыйшоў Ісус у Ерусалім. А ёсьць у Ерусаліме каля Авечае брамы купальня, называная па-Габрэйску Віфезда, якая мела пяць крытых уваходаў; у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады; бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў. Тут быў чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў. Ісус, угледзеўшы, як ён ляжыць, і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: ці хочаш быць здаровым? Хворы адказваў Яму: так, Госпадзе; але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі парушыцца вада; калі ж я прыходжу, нехта іншы ўжо ўваходзіць раней за мяне. Ісус кажа яму: устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі. І той адразу выздаравеў, і ўзяў пасьцель сваю, і пайшоў. Было ж гэта ў дзень суботні. Пасьля Юдэі казалі ацалёнаму: сёньня субота; не павінен ты браць пасьцель. Ён адказваў ім: Хто мяне вылечыў, Той мне сказаў: вазьмі пасьцель тваю і хадзі. У яго спыталіся: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: вазьмі пасьцель тваю і хадзі? Але ацалёны ня ведаў, хто Ён; бо Ісус зьнік сярод людзей, якія былі на тым месцы. Потым Ісус спаткаў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровы; не грашы болей, каб ня сталася з табою чаго горшага. Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсьць Ісус. І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышлялі забіць Яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу. А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю. І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу. На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся. Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча. Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго. Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё. Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе; і даў яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага, і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі — на ўваскрэсеньне асуды. Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне. Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, дык сьведчаньне Маё ня ёсьць ісьціна: ёсьць іншы, хто сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што ісьціна ёсьць тое сьведчаньне, якім ён сьведчыць пра Мяне; вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра ісьціну. А Я вось не ад чалавека прымаю сьведчаньне, а кажу гэта на тое, каб вы ўратаваліся. Ён быў сьвяцільнік, што гарэў і сьвяціў; а вы хацелі якісь час парадавацца пры сьвятле ягоным. Але Я маю сьведчаньне большае за Янавае: бо дзеі, якія Айцец даў мне зьдзейсьніць, самыя дзеі гэтыя, якія Я чыню, сьведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне. І Айцец, Які паслаў Мяне, сам засьведчыў пра Мяне. А вы ні голасу Ягонага ніколі ня чулі, ні аблічча Ягонага ня бачылі, і ня маеце слова Ягонага, каб яно былося ў вас, бо ня верыце вы Таму, Каго Ён паслаў. Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае: а яны ж сьведчаць пра Мяне. Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё. Ня прымаю славы ад людзей, але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце. Як вы можаце верыць, калі адзін ад аднаго прымаеце славу, а славы, якая ад адзінага Бога, ня шукаеце? Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас скаржнік Майсей, на якога вы спадзеяцеся. Бо калі б вы верылі Майсею, дык паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. А калі ягоным пісаньням ня верыце, — як паверыце Маім словам?
Пасьля гэтага Ісус пайшоў на той бок мора Галілейскага, у навакольлі Тыверыяды; За Ім сьледам пайшло мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён тварыў над хворымі. Ісус узыйшоў на гару і там сядзеў з вучнямі Сваімі. А набліжалася Пасха, сьвята Юдэйскае. Ісус, узьвёўшы вочы і ўгледзеўшы, што мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: дзе нам купіць хлябоў, каб іх накарміць? А казаў гэта, выпрабоўваючы яго; бо Сам ведаў, што хацеў зрабіць. Піліп адказваў Яму: ім на дзьвесьце дынараў ня хопіць хлеба, каб кожнаму дасталося хоць трошкі. Адзін вучань Ягоны Андрэй, брат Сымона Пётры, кажа Яму: Тут ёсьць у аднаго хлопчыка пяць хлябоў ячных і дзьве рыбкі, але што гэта на такое мноства, Ісус сказаў: скажэце ім узьлегчы. А было на тым месцы многа травы. І вось узьлегла людзей лікам каля пяці тысяч. Ісус, узяўшы хлябы і ўзьнёсшы падзяку, раздаў вучням, а вучні тым, што ўзьляжалі, гэтак сама і рыбы, колькі хто хацеў. І калі насыціліся, дык сказаў вучням Сваім: зьбярэце кавалкі, што засталіся, каб нічога не прапала. І сабралі, і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў тых, якія елі. Тады людзі, якія бачылі цуд, учынены Ісусам, сказалі: гэта сапраўды Той Прарок, Які мае прыйсьці ў сьвет. А Ісус, даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзявана ўзяць Яго і зрабіць царом, зноў адыйшоў на гару адзін. Калі ж настаў вечар, дык вучні Ягоныя выйшлі да мора, і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум. Ужо цямнела, а Ісус ня прыходзіў да іх. Дзьмуў моцны вецер, і мора хвалявалася. Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадыяў, яны ўбачылі Ісуса, Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі, і спалохаліся. Але Ён сказаў ім: гэта Я; ня бойцеся. Яны хацелі прыняць Яго ў лодку; і адразу лодка прыстала да берага, куды плылі. На другі дзень люд, што стаяў па той бок мора, бачыў, што там, апрача адной лодкі, у якую ўвайшлі вучні Ягоныя, другой ня было, і што Ісус не ўваходзіў у лодку з вучнямі Сваімі, а адплылі адны вучні Ягоныя; тым часам прыйшлі з Тыверыяды іншыя лодкі блізка да таго месца, дзе елі хлеб з дабраславеньня Гасподняга. І вось, калі людзі ўбачылі, што тут няма Ісуса, ні вучняў Ягоных, дык увайшлі ў лодкі і прыплылі ў Капернаум, шукаючы Ісуса, і, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Равьві! калі Ты сюды прыйшоў? Ісус сказаў ім у адказ: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насыціліся; дбайце не пра ежу прахлую, а пра ежу, што застаецца на жыцьцё вечнае, якую дасьць вам Сын Чалавечы; бо на Яго паклаў пячатку Сваю Айцец, Бог. І вось, сказалі Яму: што нам рабіць, каб чыніць дзеі Божыя? Ісус сказаў ім у адказ: вось дзея Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў. На гэта сказалі Яму: якую ж Ты даеш азнаку, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што Ты робіш? Бацькі нашыя елі манну ў пустыні, як напісана: «хлеб зь неба даў ім есьці». А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не Майсей даў вам хлеб зь неба, а Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб зь нябёсаў; бо хлеб Божы ёсьць Той, Які сыходзіць зь нябёсаў і дае жыцьцё сьвету, На гэта сказалі Яму: Госпадзе! давай нам заўсёды такі хлеб. А Ісус сказаў ім: Я ёсьць хлеб жыцьця; хто прыходзіць да Мяне, ня будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ня спрагнецца ніколі; але Я сказаў вам, што вы і бачылі Мяне, і ня верыце. Усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе; і таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю прэч; бо Я сыйшоў зь нябёсаў не на тое, каб чыніць волю Маю, а волю Айца, Які паслаў Мяне; а воля Айца Майго, Які паслаў Мяне, ёсьць тая, каб з таго, што Ён Мне даў, анічога не загубіць, а ўсё тое ўваскрэсіць у апошні дзень; воля Таго, Хто паслаў Мяне, ёсьць тая, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень. Абурыліся на Яго Юдэі за тое, што Ён сказаў: Я ёсьць хлеб, які сыйшоў зь нябёсаў, — і казалі: ці ня Ісус гэта, сын Язэпаў, Чыйго бацьку і маці мы ведаем; як жа Ён кажа: Я сыйшоў зь нябёсаў? Ісус сказаў ім у адказ: не абурайцеся між сабою: ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі не прывядзе яго Айцец, Які паслаў Мяне; і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень. У прарокаў напісана: «і будуць усе навучаны Богам; кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне». Гэта ня тое, каб хто бачыў Айца, апрача Таго, Хто ёсьць ад Бога: Ён бачыў Айца. Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыцьцё вечнае. Я ёсьць хлеб жыцьця: бацькі вашыя елі манну ў пустыні і памерлі; а хлеб, што сыходзіць зь нябёсаў, такі, што той, хто есьць яго, не памрэ; Я — хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету. Тады Юдэі пачалі спрачацца паміж сабою, кажучы: як Ён можа даць нам есьці Плоць Сваю? А Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі ня будзеце есьці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, ня мецьмеце ў сабе жыцьця: Хто есьць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, мбе жыцьцё вечнае, і Я ўваскрэшу яго ў апошні дзень; бо Плоць мая сапраўды ёсьць ежа, і Кроў мая сапраўды ёсьць пітво; хто есьць Маю Плоць і п'е Маю Кроў, застаецца ўва Мне, і Я ў ім; як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есьць Мяне, жыць будзе Мною; гэта той хлеб, што сыйшоў зь нябёсаў; ня так, як бацькі вашыя елі манну і памерлі: хто есьць хлеб гэты, жыць будзе вечна. Гэта казаў Ён у сынагозе, навучаючы ў Капернауме. Многія вучні Ягоныя, чуючы гэта, казалі: якія дзіўныя словы! Хто можа такое слухаць? Але Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што вучні Ягоныя наракаюць на тое, сказаў ім: ці гэта спакушае вас? што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней? дух творыць жыцьцё, плоць ня творыць нічога; словы, якія кажу Я вам, — гэта дух і жыцьцё; Але ёсьць сярод вас некаторыя, што ня вераць. Бо Ісус ад пачатку ведаў, хто ёсьць нявернікі, і хто выдасьць Яго. І сказаў: на тое якраз і казаў Я вам, што ніхто ня можа прыйсьці да Мяне, калі гэта ня дадзена будзе ад Айца Майго. З гэтага часу многія вучні Ягоныя адыйшлі ад Яго і ўжо не хадзілі зь Ім. Тады Ісус сказаў дванаццацём: ці ня хочаце і вы адыйсьці? Сымон Пётр адказаў Яму: Госпадзе! да каго нам ісьці? Ты маеш словы вечнага жыцьця. і мы паверылі і спазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога. Ісус адказваў ім: ці не дванаццаць вас абраў Я? але адзін з вас д'ябал. Гэта казаў Ён пра Юду Сымонавага Іскарыёта, бо гэты меўся выдаць Яго, ён быў адзін з дванаццацёх.
Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі, бо па Юдэі хадзіць не хацеў, таму што Юдэі намышлялі забіць Яго. Набліжалася сьвята Юдэйскае — Кучкі. Тады браты Ягоныя сказалі Яму: выйдзі адгэтуль і йдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі дзеі, што Ты ўчыняеш; бо ніхто ня робіць чаго-небудзь употай, і стараецца сам быць вядомым; калі Ты чыніш такія дзеі, дык яві Сябе сьвету. Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго. На гэта Ісус ім сказаў: Мой час яшчэ не настаў, а вам заўсёды час; Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што дзеі ягоныя ліхія; вы ідзеце на сьвята гэтае, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ не настаў. Гэта сказаўшы ім, застаўся ў Галілеі. Але як прыйшлі браты Ягоныя, тады і Ён прыйшоў на сьвята, не адкрыта, а як бы таемна. А Юдэі шукалі яго на сьвяце і казалі: дзе Ён? І многа было гаманы пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не, Ён зводзіць людзей. Аднак ніхто не гаварыў пра Яго адкрыта, баючыся Юдэяў. Але ўжо а палавіне сьвята ўвайшоў Ісус у храм і вучыў. І дзівавалі Юдэі, кажучы: як Ён ведае Пісаньні, ня вучыўшыся? Ісус, адказваючы ім, сказаў: Маё вучэньне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне; хто хоча чыніць волю Ягоную, той даведаецца пра гэтае вучэньне, ці ад Бога яно, ці я Сам ад Сябе кажу; хто гаворыць сам ад сябе, шукае славы сабе; а Хто шукае славы Таму, Хто паслаў Яго, Той сапраўдны, і няма няпраўды ў Ім. Ці ня даў вам Майсей закона? і ніхто з вас ня жыве паводле закона. Завошта ж намышляеце забіць Мяне? Людзі сказалі ў адказ: ці ня дэман у Табе? Хто намышляе забіць Цябе? Ісус, прамаўляючы далей, сказаў ім: адну дзею ўчыніў Я, і ўсе вы дзівуеце; Майсей даў вам абразаньне, — хоць яно не ад Майсея, а ад бацькоў, — і ў суботу вы абразаеце чалавека; калі ў суботу прыймае чалавек абразаньне, каб ня быў парушаны закон Майсееў, — ці не на Мяне гневаецеся за тое, што Я ўсяго чалавека ацаліў у суботу? ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым. Тут некаторыя зь Ерусалімцаў казалі: ці ня Той гэта, Якога спрабуюць забіць? вось, Ён гаворыць адкрыта, і нічога ня кажуць Яму: ці ўпэўніліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? але мы ведаем Яго, адкуль Ён; а Хрыстос, калі прыйдзе, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён. Тады Ісус усклікнуў у храме, вучачы і кажучы: і ведаеце Мяне, і ведаеце, адкуль Я; і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але ў ісьціне Той, хто паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце; Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне. І намышлялі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не настала гадзіна Ягоная. А многія зь людзей уверавалі ў Яго і казалі: калі прыйдзе Хрыстос, няўжо створыць болей азнакаў, чым колькі Гэты стварыў? Пачулі фарысэі такія перасуды пра Яго ў народзе, і паслалі фарысэі і першасьвятары служак — схапіць Яго. А Ісус сказаў ім: яшчэ нядоўга быць Мне з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне; будзеце шукаць Мяне, і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці. Пры гэтым Юдэі гаварылі паміж сабою: куды Ён хоча ісьці, так што мы ня знойдзем Яго? ці ня хоча Ён ісьці ў Элінскае расьсеяньне і вучыць Элінаў? што азначаюць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце; і дзе буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці»? У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі; хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, «з чэрава пацякуць рэкі вады жывое». Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены. Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе? ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід? І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе. Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук. І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго? Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек. Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман? ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў? але гэты народ невук у законе, пракляты ён. Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім: ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць? На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок. І разыйшліся ўсе па дамах.
А Ісус пайшоў на гару Аліўную, а раніцай зноў прыйшоў у храм, і ўвесь люд ішоў да Яго; Ён сеў і вучыў іх. Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, засьпетую на блудзе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне, сказалі Яму: Настаўнік! гэтую жанчыну засьпелі на блудзе; а Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш? Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб знайсьці што-небудзь і зьвінаваціць Яго, але Ісус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх. Калі ж папыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас бяз грэху, першы кінь у яе каменем. І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі. А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумленьня, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Ісус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Ісус, схіліўшыся і ня бачачы нічога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе твае скаржнікі? ніхто не асудзіў цябе? Яна адказвала: ніхто, Госпадзе! Ісус сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы. Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я — сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця. Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам пра Сябе сьведчыш, сьведчаньне Тваё ня ёсьць ісьціна. Ісус сказаў ім у адказ: калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, сьведчаньне Маё ёсьць ісьціна, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я і куды іду. Вы мяркуеце па плоці; Я ня суджу нікога; а калі і суджу Я, дык суд Мой у ісьціне, бо Я не адзін, а Я з Айцом, Які паслаў Мяне; а і ў законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек — праўдзівае. Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне. Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Ісус адказваў: вы ня ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. Гэтыя словы казаў Ісус каля скарбонкі, калі вучыў у храме; і ніхто ня ўзяў Яго, бо ня прыйшла часіна Ягоная. Зноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне, і памраце ў грэху вашым; куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці. Тут Юдэі казалі: няўжо Ён заб'е Сам Сябе, што кажа: «куды Я іду, туды вы ня можаце прыйсьці»? Ён сказаў ім: вы ад ніжніх, Я ад вышніх, вы ад сьвету гэтага, Я не ад гэтага сьвету; таму Я і сказаў вам, што вы памраце ў грахах вашых: бо, калі ня ўверуеце, што гэта Я, дык памраце ў грахах вашых. Тады сказалі Яму: хто ж Ты? Ісус сказаў ім: ад пачатку Існы, як і кажу вам: многа мбю казаць і разважыць пра вас; але Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць Ісьціна, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету. Не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца. Дык вось, Ісус сказаў ім: калі ўзьнесяце Сына Чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, а як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу. Той, Хто паслаў Мяне, ёсьць са Мною; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму заўгодна. Калі Ён казаў гэта, многія ўверавалі ў Яго. Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні. І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі. Яму адказвалі: мы семя Абрагамавае, і ня былі рабамі нікому ніколі; як жа Ты кажаш: «зробіцеся свабоднымі»? Ісус адказваў ім: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсьць раб грэху; але раб не застаецца ў доме вечна: Сын застаецца вечна; дык вось, калі Сын вызваліць вас, дык у ісьціне свабодныя будзеце; ведаю, што вы семя Абрагамавае: аднак намышляеце забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас; Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў бацькі вашага. Сказалі Яму ў адказ: бацька наш ёсьць Абрагам. Ісус сказаў ім: калі б вы былі дзеці Абрагамавыя, дык і ўчынкі Абрагамавыя рабілі б; а цяпер намышляеце забіць Мяне, Чалавека, Які адкрыў вам ісьціну, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў. Вы робіце ўчынкі бацькі вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя; аднаго Айца маем — Бога. Ісус сказаў ім: калі б Бог быў Айцец ваш, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога паходжу і прыйшоў; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, а Ён паслаў Мяне: Чаму вы не разумееце мовы Маёй? бо ня можаце чуць слова Майго: ваш бацька д'ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстояў у ісьціне, бо няма ў ім ісьціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды. А як Я ісьціну кажу, дык ня верыце Мне. Хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе? калі Я кажу ісьціну, чаму вы ня верыце Мне? Хто ад Бога, той слухае словы Божыя: вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога. На гэта Юдэі адказвалі і сказалі Яму: ці ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін і што дэман у Табе? Ісус адказваў: ува мне дэмана няма, а Я шаную Айца Майго, а вы няславіце Мяне; але ж Я ня шукаю Маёй славы: ёсьць Той, Хто шукае і судзіць; Праўду, праўду кажу вам: хто сьледуе слову Майму, той ня ўбачыць сьмерці вавек. Юдэі сказалі Яму: цяпер даведаліся мы, што дэман у Табе: Абрагам памёр і прарокі, а Ты кажаш: хто зьберагае слова Маё, той ня ўведае сьмерці вавек; няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? і за прарокаў памерлых? Кім Ты Сябе робіш? Ісус адказваў: калі Я Сам Сябе слаўлю, дык слава Мая анішто: Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён Бог ваш; і вы ня ўведалі Яго, а Я ведаю Яго; і калі скажу, што ня ведаю Яго, дык буду падобны на вас ашуканец; але Я ведаю Яго і сьледую слову Ягонаму; Абрагам, бацька ваш, рады быў убачыць дзень Мой: і ўбачыў і ўзрадаваўся. На гэта сказалі Яму Юдэі: Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, — і Ты бачыў Абрагама? Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: раней за Абрагама быў Я. І пабралі камяні, каб кінуць у Яго; але Ісус зьнік і выйшаў з храма, прайшоўшы сярод іх, і пайшоў далей.
І праходзячы, угледзеў чалавека, сьляпога ад роду. Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: Равьві! хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ўрадзіўся сьляпы? Ісус адказваў: не зграшыў ні ён, ні бацькі ягоныя, але гэта на тое, каб на ім выявіліся дзеі Божыя; Мне належыць чыніць дзеі Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйдзе ноч, калі ніхто ня можа чыніць; пакуль Я ў сьвеце, Я — сьвятло сьвету. сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў гразь са сьліны і памазаў гразёю вочы сьляпому, і сказаў яму: ідзі, умыйся ў купальні Сілоам, што азначае: пасланы. Той пайшоў і ўмыўся, і вярнуўся відушчы. Тут суседзі і тыя, што раней бачылі яго сьляпога, казалі: ці ня той гэта, які сядзеў і прасіў міласьціны? Некаторыя казалі: гэта ён. А некаторыя: падобны на яго. Ён казаў: гэта я. Тады пыталіся ў яго: як адкрыліся ў цябе вочы? Ён сказаў у адказ: чалавек, Якога завуць Ісус, зрабіў гразь, памазаў вочы мае і сказаў мне: «ідзі ў купальню Сілоам і ўмыйся». Я пайшоў, умыўся і зрабіўся відушчы. Тады сказалі яму: дзе Ён? Ён адказаў: ня ведаю. Павялі гэтага былога сьляпца да фарысэяў. А была субота, калі Ісус зрабіў гразь і адамкнуў яму вочы. Спыталіся ў яго і фарысэі таксама, як ён відушчы зрабіўся. Ён ім сказаў: гразь паклаў Ён на мае вочы, і я ўмыўся, і бачу. Тады некаторыя фарысэі казалі: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не шануе суботы. Іншыя казалі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды? і паўстала між імі нязгода. Зноў кажуць сьляпому: ты што скажаш пра Яго, бо Ён адамкнуў табе вочы? Ён сказаў: гэта прарок. Тады Юдэі не паверылі, што быў ён сьляпы і зрабіўся відушчы, пакуль не паклікалі бацькоў гэтага ўжо відушчага і спыталіся ў іх: ці гэта сын ваш, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпы? Як жа ён цяпер бачыць? Бацькі ягоныя сказалі ім у адказ: мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпы; а чаму цяпер бачыць, ня ведаем, ці хто адамкнуў яму вочы, мы ня ведаем: сам у сталых гадах, у самога спытайце, хай сам пра сябе скажа. Так адказвалі бацькі ягоныя, таму што баяліся Юдэяў; бо Юдэі змовіліся ўжо, каб, хто прызнае Яго за Хрыста, таго адлучаць ад сынагогі; вось таму бацькі ягоныя і сказалі: ён у сталых гадах, у самога спытайце. І вось, другі раз паклікалі чалавека, які быў сьляпы, і сказалі яму: узьнясі хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той — грэшнік. Ён сказаў ім у адказ: ці грэшнік Ён, ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу. Зноў спыталіся ў яго: што зрабіў Ён з табою? як адамкнуў твае вочы? адказваў ім: я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? альбо і вы хочаце зрабіцца Ягонымі вучнямі? А яны дакаралі яго і сказалі: ты вучань Ягоны, а мы Майсеевыя вучні; мы ведаем, што з Майсеем гаварыў Бог, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён. Чалавек відушчы сказаў ім у адказ: гэта якраз і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адамкнуў мне вочы. Але мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, а хто шануе Бога і выконвае волю Ягоную, таго слухае: спрадвеку ня чулі, каб хто адамкнуў вочы таму, хто ўрадзіўся сьляпы; калі б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога. Сказалі яму ў адказ: у грахах ты ўвесь нарадзіўся, і ты нас яшчэ вучыш? І выгналі яго прэч. Ісус, пачуўшы, што выгналі яго прэч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: ці верыш ты ў Сына Божага? Ён адказваў і сказаў: а хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго? Ісус сказаў яму: і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою. А ён сказаў: веру, Госпадзе! І пакланіўся Яму. І сказаў Ісус: на суд прыйшоў Я ў сьвет гэты, каб нявідушчыя бачылі, а відушчыя асьлеплі. Пачуўшы гэта, некаторыя фарысэі, што былі зь Ім, сказалі Яму: няўжо і мы сьляпыя? Ісус сказаў ім: калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б на сабе грэху; але як што вы кажаце, што бачыце, дык грэх застаецца на вас.
Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік, а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам: яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх; і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны; а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу. Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім. І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам. Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, — зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх; Я — дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе. Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь. Я — Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі; а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх; а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі. Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне: як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі. Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр. За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго; ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: мбю ўладу аддаць яго і ўладу мбю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго. Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода. Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго? Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым? А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма. І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым. Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра. Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне; але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам; авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною, і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае; Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго: Я і Айцец — адно. Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго. Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі? Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам. Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: «Я сказаў: вы багі»? Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, — ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце «блюзьнерыш», бо Я сказаў: Я Сын Божы? калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне; а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім. Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх, і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там. Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда. І многія там уверавалі ў Яго.
Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная. А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі. Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы. Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы. А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара. Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў. Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю. Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды? Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага; а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім. Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго. Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее. Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны. Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр; і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго. Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім. Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле. А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць, і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі — суцешыць іх у смутку па браце іхнім. Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома. Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой; але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог. Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой. Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень. Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, — ажыве; і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта? Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет. Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе. Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго. Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа. Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы — плакаць там. А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой. Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся, і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі. Ісус заплакаў сьлязьмі. Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго! А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр? А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй. Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле. Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне; Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь. І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе. Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго; а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус. Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць: калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, — і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ. А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце; падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў. Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ, і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам. З гэтага дня пастанавілі забіць Яго. Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі. Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца. Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята? А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых. Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім. А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра. Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў: Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім? А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі. А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго; убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды. Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых. А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара, бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса. На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім, узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў! А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана: «ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці». Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму. Людзі, якія былі зь ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых; таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд. А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім. Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны; яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса. Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу. А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму: Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду. Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае. Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой. Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў; Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю. А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму. Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу; сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч. І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе. Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ. Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы? Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе; пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх. Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго, хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя? Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая, «народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх». Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго. Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі; бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую. А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне; і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне. Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры. І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет. Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень; Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць. І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.
Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх. І падчас вячэры, калі д'ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго, Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога, устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся; потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны. Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі? Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля. Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною. Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву. Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе. Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя». А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам? Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта. Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму: бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам. Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго. Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце. Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю». Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я. Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне. Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне. Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа. А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса; яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа. Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта? Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту. І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй. Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму. А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім. Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч. Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім; калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго. Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер. Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго; Па тым пазнбюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою. Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною. Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе. Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце. У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я. А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце. Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях? Ісус сказаў яму: Я — і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго. Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам. Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»? Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі. Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях. Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду. І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне; калі чаго папросіце ў імя Маё, я тое зраблю. Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі, і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек, Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас; яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце. У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас. Хто мбе запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам. Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету? Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым. Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне. Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі; А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам. Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца. Вы чулі, што я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне. І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца. Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною. Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.
Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар; кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду. Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам. заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне. Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога. Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць; калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам. Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі. Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй, калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові. Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная. Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам; Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго. Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам. Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго. Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў. Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я Вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет. Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша; але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне. Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім. Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго; калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго. Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна». Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне; А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Гэта сказаў Я вам, каб вы не запаняверыліся: прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу. Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне. Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі. А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш? Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша. Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас, і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе. У грэху, — што ня вераць у Мяне; у праўдзе, — што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне; а ў судзе, — што князь сьвету гэтага асуджаны. Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам; Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам. Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам. Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо я іду да Айца. Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне», і зноў «неўзабаве ўбачыце Мяне», і: «Я іду да Айца»? І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: «неўзабаве»? ня ведаем, што кажа. Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: «неўзабаве ня ўбачыце Мяне»? Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца. Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет. Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас. І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная. Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас; бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца. Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай; цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў. Ісус адказваў ім: цяпер веруеце? вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною. Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.
Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае: а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста. Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць; І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё; цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць; бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне. Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае; і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я праславіўся ў іх. Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы. Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне. А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную. Я перадаў ім слова Тваё, і сьвет зьненавідзеў іх, бо яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, а каб асланіў іх ад ліхога; яны не ад сьвету, як і Я не ад сьвету. Асьвяці іх у праўдзе Тваёй: слова Тваё ёсьць праўда. Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет; і за іх я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю. Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага: хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, — каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет; Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне; і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.
Сказаўшы гэта, Ісус выйшаў з вучнямі Сваімі за паток Кедрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў Сам і вучні Ягоныя. А ведаў гэтае месца і Юда, прадажнік Ягоны, бо Ісус часта зьбіраўся там з вучнямі Сваімі. І вось Юда, узяўшы атрад воінаў і служак ад першасьвятароў і фарысэяў, прыходзіць туды зь ліхтарамі і сьвяцільнямі і зброяй. А Ісус, ведаючы ўсё, што зь Ім будзе, выйшаў і сказаў ім: каго шукаеце? Яму адказалі: Ісуса Назарэя. Ісус кажа ім: гэта Я. А стаяў зь імі й Юда, прадажнік Ягоны. І калі сказаў ім: гэта Я, — яны адступіліся назад і ўпалі на зямлю. Зноў спытаўся ў іх: каго шукаеце? Яны сказалі: Ісуса Назарэя. Ісус адказваў: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць, хай збудзецца слова, сказанае Ім: з тых, каго Ты Мне даў, Я не загубіў нікога. А Сымон Пётр, маючы меч, дастаў яго, і ударыў першасьвятаровага раба, і адсек яму правае вуха: імя раба было Малх. Але Ісус сказаў Пятру: укладзі меч у похвы; няўжо Мне ня піць чары, якую даў Мне Айцец? Тады воіны і тысячнік і служкі Юдэйскія ўзялі Ісуса, і зьвязалі Яго, і завялі Яго спачатку да Анны; бо ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром: гэта быў Каяфа, які даў параду Юдэям, што лепш аднаму чалавеку памерці за народ. За Ісусам сьледам ішлі Сымон Пётр і другі вучань: вучань жа гэты быў знаёмы першасьвятару і ўвайшоў зь Ісусам у двор першасьвятароў: А Пётр стаяў звонку за дзьвярыма. Потым другі вучань, які быў знаёмы першасьвятару, выйшаў і сказаў брамніцы, і ўвёў Пятру. Тут рабыня-брамніца кажа Пятру: і ты ці ня з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не. Тым часам рабы і служкі, расклаўшы агонь, таму што было золка, стаялі і грэліся; Пётр таксама стаяў зь імі і грэўся. А першасьвятар спытаўся ў Ісуса пра вучняў Ягоных і пра вучэньне Ягонае. Ісус адказваў яму: Я гаварыў адкрыта сьвету; Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў храме, дзе заўсёды Юдэі сыходзяцца, і тайна не казаў нічога; што пытаешся ў Мяне? спытайся ў тых, хто чуў, што Я казаў ім; вось, яны ведаюць, што Я казаў. Калі Ён сказаў гэта, адзін служка, які стаяў паблізу, ударыў Ісуса па шчацэ, сказаўшы: так Ты адказваеш першасьвятару? Ісус адказваў яму: калі Я сказаў блага, пакажы, што благое, а калі добра, чаго ты б'еш Мяне? Анна паслаў Яго зьвязанага да першасьвятара Каяфы. А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Тут сказалі яму: ці ня з вучняў Ягоных і ты? Ён зрокся і сказаў: не. Адзін з рабоў першасьвятаровых, родзіч таго, якому Пётр адсек вуха, кажа: ці не цябе бачыў я зь Ім у садзе? Пётр зноў зрокся; і адразу засьпяваў певень. Ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца; і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, а каб можна было есьці пасху. Пілат выйшаў да іх і сказаў: у чым вы вінаваціце Чалавека Гэтага? Яны сказалі яму ў адказ: калі б Ён ня быў злачынец, мы не перадалі б Яго табе. Пілат сказаў ім: вазьмеце Яго вы, і паводле закону вашага судзеце Яго. Юдэі сказалі яму: нам не дазволена караць сьмерцю нікога, — хай збудзецца слова Ісусавае, якое сказаў Ён, даючы зразумець, якою сьмерцю Ён памрэ. Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю, і паклікаў Ісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Юдэйскі? Ісус адказваў яму: ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Пілат адказваў: хіба я Юдэй? Твой народ і першасьвятары перадалі Цябе мне; што Ты зрабіў? Ісус адказваў: Царства Маё не ад сьвету гэтага; калі б ад сьвету гэтага было Царства Маё, дык слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я ня быў аддадзены Юдэям; але цяпер Маё Царства не адгэтуль. Пілат сказаў Яму: значыцца, Ты Цар? Ісус адказваў: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб засьведчыць ісьціну; кожны, хто ад ісьціны, слухае голасу Майго. Пілат сказаў Яму: што ёсьць ісьціна? І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: я ніякай віны не знаходжу ў Ім; ёсьць жа ў вас звычай, каб я аднаго адпускаў вам на Пасху: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага? Тады зноў закрычалі ўсе, кажучы: не Яго, а Вараву. А Варава быў разбойнік.
Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго. І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру, і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі яго па шчоках. Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны. Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек! Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны. Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым. Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся, і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу. Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць? Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе. З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару. Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа. Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш! Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара. Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі. І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа; там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса. А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі. Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску. А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі. Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў. А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху. І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны. Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна. Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой. Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе. Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць. Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных. І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух. Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх. І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім; а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў яго галені, а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада. І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі; бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана». Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі». Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава. Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста. І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі. На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены: там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.
У першы ж дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць да магілы раніцай, яшчэ прыцемкам, і бачыць, што камень адвалены ад магілы; і вось бяжыць, і прыходзіць да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: зьнесьлі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе паклалі Яго. Адразу выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы; яны пабеглі абодва разам; але другі вучань бег хутчэй за Пятра, і прыйшоў да магілы першы, і нахіліўшыся, убачыў палотны, якія там ляжалі: але не ўвайшоў у магілу. Сьледам за ім прыходзіць Сымон Пётр, і ўваходзіць у магілу, і бачыць адны палотны, якія там ляжалі. і хустку, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная, на іншым месцы. Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег раней да магілы, і ўбачыў, і ўвераваў; бо яны яшчэ ня ведалі з Пісаньня, што Яму належала паўстаць зь мёртвых. І вось, вучні зноў вярнуліся да сябе. А Марыя стаяла каля магілы і плакала; і калі плакала, нахілілася да магілы і бачыць двух анёлаў, у белым адзеньні сядзяць, адзін у галовах, другі каля ног, дзе ляжала Цела Ісусава. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш? Кажа ім: зьнесьлі Госпада майго, і ня ведаю, дзе паклалі Яго. Сказаўшы гэта, абярнулася і ўбачыла — стаіць Ісус; ды не пазнала, што гэта Ісус. Ісус кажа ёй: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: спадару! калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго. Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні! — што азначае: Настаўнік! Ісус кажа ёй: не кранайся Мяне, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго; а ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і да Бога Майго і Бога вашага. Марыя Магдаліна ідзе і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй. У той самы першы дзень тыдня ўвечары, калі дзьверы дома, дзе зьбіраліся вучні Ягоныя, былі замкнутыя з апасеньня перад Юдэямі, прыйшоў Ісус і стаў пасярод, і кажа ім: мір вам! Сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі !і ногі) і рэбры Свае. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім другі раз: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў, і кажа ім: прымеце Духа Сьвятога: каму даруеце грахі, таму даруюцца: на кім пакінеце, на тым застануцца. А Тамаш, адзін з дванаццацёх, называны Блізьнюк, ня быў тут зь імі, калі прыходзіў Ісус. Другія вучні сказалі яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках у Яго ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і ня ўкладу рукі маёй у рэбры Ягоныя, не паверу. Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя, і Тамаш зь імі. Прыйшоў Ісус, калі дзьверы былі замкнутыя, стаў пасярод іх і сказаў: мір вам! Потым кажа Тамашу: падай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; падай руку тваю і ўкладзі ў рэбры Мае; і ня будзь недаверкам, а вернікам. Тамаш сказаў Яму ў адказ: Госпадзе мой і Божа мой! Ісус кажа яму: ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне; дабрашчасныя тыя, што ня бачыўшы — паверылі. Многа стварыў Ісус перад вучнямі Сваімі і іншых цудаў, пра якія не напісана ў кнізе гэтай; а гэта напісана, каб вы ўверавалі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, веруючы, мелі жыцьцё вечнае ў імя Ягонае.
Пасьля таго зноў зьявіўся Ісус вучням Сваім пры моры Тыверыядскім. А зьявіўся так: былі разам Сымон Пётр, і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зевядзеевыя, і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: іду лавіць рыбу. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Пайшлі, і адразу ўвайшлі ў лодку, і не злавілі ў тую ноч нічога. А як ужо разьвіднела, Ісус стаяў на беразе; але вучні не пазналі, што гэта Ісус. Ісус кажа ім: дзеці! ці ёсьць у вас ежа якая? Яны адказалі Яму: няма. А Ён сказаў ім: закіньце нерат па правы бок лодкі, і зловіце. Яны закінулі, і ўжо не маглі выцягнуць нерат ад мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Ісус, кажа Пётру: гэта Гасподзь. А Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апаясаўся шатай, — бо ён быў голы, — і кінуўся ў мора; а іншыя вучні прыплылі ў лодцы, — бо недалёка былі ад зямлі, локцяў каля дзьвюхсот, — цягнучы нерат з рыбаю. А калі выйшлі на зямлю, бачаць раскладзенае вогнішча і на ім ляжыць рыба і хлеб. Ісус кажа ім: прынясеце рыбы, якое вы цяпер налавілі. Сымон Пётр пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат зь вялікімі рыбінамі, якіх было сто пяцьдзясят тры; і пры мностве такім не парвалася сетка. Ісус кажа ім: прыйдзеце, абедайце. З вучняў жа ніхто не адважыўся папытацца ў Яго: хто Ты?, ведаючы, што гэта Гасподзь. Ісус прыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, гэтак сама і рыбу. Гэта ўжо трэйці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрэсеньня Свайго зь мёртвых. І калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае. Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі мае. Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пятра замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: «ці любіш Мяне?» і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае; праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш. А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною. А Пётр, абярнуўшыся, бачыць — за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто цябе прадасьць? Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што? Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною. І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае. Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.